Главная / Новости / Новости района
27.02.2023

Вместо срочной службы выбрали контрактную. Почему?

Маладыя людзі, якія выконваюць свой грама­дзянскі абавязак у розных войсках Астравеччыны, расказалі карэспандэнту, чаму пайшлі служыць па кантракце. А таксама, як выбіралі часць, ці лёгка было змяніць уклад жыцця і прызвычаіцца да новага статусу.

Дзядька параіў
Ілья Тухта, 1146-ты гвардзейскі зенітны ракетны полк:
– У армію пайшоў адразу пасля заканчэння школы – вырашыў аддаць грамадзянскі абавязак Радзіме. Такім, можна сказаць, быў мой першы крок у дарослае жыццё. (Усміхаецца.)
Пра альтэрнатыву тэрміновай службе расказаў дзядзька Алег. Ён жа параіў і ваенную часць, якая бярэ прызыўнікоў на кантракт. Гэта ідэя спадабалася – па-першае, перспектыва служыць на радзіме; па-другое, цікавіла сістэма супрацьпаветранай абароны. Заставалася толькі дзейнічаць.
Спачатку адправіўся ў часць, даведаўся пра вакансіі, запытаў, ці магу прэтэндаваць на іх, там жа мне падказалі, што рабіць далей. Потым звярнуўся ў ваенкамат, дзе далі накіраванне на медкамісію – праходзіў яе ў Астраўцы і ў мінскім шпіталі. Сабраўшы неабходныя дакументы, падаў іх у ваенную часць. І мяне прызвалі на службу. 
Пачатковую ваенную падрыхтоўку праходзіў у часці: страявая і агнявая, вывучэнне статута, асаблівасцей будучай работы… У плане фізічнай культуры, здачы нарматываў праблем не ўзнікала – з дзяцінства са спортам сябрую. А вось адаптавацца пасля школы да рэжыму і новага статусу было складана, і да «боцікаў» салдацкіх не адразу прызвычаіўся. (Смяецца.) Дарэчы, прымаў ваенную прысягу адзін, бо прыйшоў у часць раней, чым прызывалі на тэрміновую службу. 
Дзесьці праз месяц прыступіў да выканання непасрэдных абавязкаў. Цяпер займаю сяржанцкую пасаду, я начальнік АТС – адказваю за тэлефонную сувязь у палку. Цяжкасцей у асваенні спецыяльнасці не было: дапамагалі, тлумачылі і мае непасрэдныя начальнікі, і той, хто перадаваў справы, і мае падначаленыя – яны ўжо паўгода адслужылі, таму ведалі гэту «кухню». 
З жыллём пытання не стаяла – я астравецкі, хаця кіраўніцтва цікаві­лася, ці маю ў ім патрэбу. Зарплату атрымліваю, да часці з дому дабірацца недалёка, тым больш арганізаваны падвоз… – служыць мне падабаецца. 
Амаль 2 гады прайшло з часу, што я ў палку, – у красавіку звальненне ў запас. Ужо маю планы, чым займуся далей, – упэўнены, што вопыт і веды, якія набыў падчас службы ва Узброеных Сілах, мне спатрэбяцца на грамадзянцы.

Знаёмы так служыў
Аляксандр Невядомскі, пагранічная застава «Астравецкая»:
– Пра тое, каб не ісці ў войска, думкі не ўзнікала – гэтую жыццёвую прыступку хлопцу, лічу, трэба прайсці абавязкова. Аб магчымасці замест тэрміновай службы выбраць кантрактную расказала маці – у яе сяброўкі сын так зрабіў. Я параіўся з хросным бацькам – ён ваенны, той патлумачыў, куды трэба звяртацца. Словам, альтэрнатыва мне спадабалася. Толькі хацелася, каб быць бліжэй да дома – родам я з Ашмян. І ўсё сталася, як і марыў.
Мяне цікавіла спецыфіка аховы Дзяржаўнай мяжы, таму выбар паў на пагранічную службу. Прайшоў усе неабходныя камісіі, адбор, праверкі – і ўжо 10 месяцаў як служу ў пагранвойсках.
Пачынаў у вучэбным пункце часці каля Смаргоні. Там праходзіў агнявую, страявую, фізічную падрыхтоўкі, спасцігаў асаблівасці службы на мяжы. 
Потым прыняў ваенную прысягу, накіравалі на пасаду інспектара 3-й катэгорыі на пагранзаставу «Лоша». Спярша прысвоілі званне малодшага сяржанта, потым – сяржанта. Цяпер я інспектар па рабоце з насельніцтвам на пагранзаставе «Астравецкая» – за мной замацаваны акрэслены ўчастак тэрыторыі.
Самым цяжкім напачатку, напэўна, было прывыкнуць да іншага ўкладу жыцця. (Усміхаецца.) Ён кардынальна змяніўся – гэта дакладна. З аднаго боку, у мяне з’явілася больш самастойнасці, з другога – больш адказнасці за тое, што раблю, якія рашэнні прымаю. 
У кантрактнай службе бачу толькі плюсы: жыву ў кватэры ў доме афіцэрскага саставу, які стаіць ля заставы; атрымліваю добрую зарплату; маю 2 выхадных на тыдзень, а вольны ад службы час цалкам мой – я «не прывязаны» да аднаго месца.
Канкрэтных планаў пакуль на будучыню няма, калі не лічыць, пакупкі машыны. (Усміхаецца.) Маю прафесію радыётэхніка, але падумваю пра тое, каб застацца на службе. 


Камандаванне прапанавала
Арцём Ранцоў, вайсковая часць 7434:
– Пасля заканчэння каледжа (па адукацыі элект­рагазазваршчык і слесар па зборцы металаканструкцый) пайшоў працаваць, а праз 3 месяцы прызвалі ў армію.
Хоць родам я з Маляў, трапіць хацеў у Аколіцу, што пад Мінскам, у часць унутраных войскаў. Там служыў мой бацька. А мне прапанавалі стаяць на ахове галоўнага стратэгічнага аб’екта нашай краіны – БелАЭС. Я згадзіўся.
Служыць непадалёк дома добра: калі ў звальніцельны адпускалі, можна сказаць, хвіліна – і ты ў хаце, родным таксама блізка – часцей пры­ехаць маглі, каб убачыцца. Першы раз дамоў трапіў, калі пасля курса маладога байца прынялі ваенную прысягу, – на двое сутак адпусцілі. Але запомніўся не той, а другі звальніцельны – я тады не ішоў, а ляцеў у Малі! Гэта і не дзіва: уклад жыцця зусім іншым стаў і прызвычаіцца адразу немагчыма да строга вызначанага рэжыму, фізічных нагрузак і гэтак далей. А потым прывык – і звальніцельныя былі проста часам, калі ты можаш выехаць з часці. (Усміхаецца.) 
Пасля васьмі месяцаў тэрміновай службы кіраўніцтва прапанавала перавесціся на кантракт. Узважыў усе «за» і «супраць» – і вырашыў, што гэта добры варыянт. Такіх жадаючых з майго прызыву было 6 чалавек.
Дарэчы, калі ў некаторыя ваенныя часці прызыўнік можа адразу ісці на кантрактную службу, то ў нашай толькі пасля паўгода тэрміновай.
Маю званне сяржанта. Цяпер дзяжурны КПП, сачу за тым, каб у часць не траплялі забароненыя рэчы і рэчывы і, суадносна, каб забароненае не вынеслі за межы нашай тэрыторыі. 
Агулам у арміі больш за год – мне падабаецца. Магчыма, хтосьці скажа: прадоўжыў знаходжанне ў часці. Так! Каб быў на тэрміновай, засталося б усяго 7 месяцаў – і дамоў, а кантракт заключыў на 2 гады. Аднак, лічу, мне пашанцавала. Ведаю не па расповедах, у чым адрозненне гэтых служб, – і ў мяне была магчымасць выбару. Калі б адкруціць стужку жыцця назад, зноў пайшоў бы спярша на тэрміновую.



Островецкая правда