Жніво правярае на вытрымку не толькі камбайнераў, вадзіцеляў і аператараў зернесушыльных комплексаў, але і спецыялістаў раслінаводчай галіны.
Пракаменціраваць ход уборачнай кампаніі, акрэсліць яе здабыткі і пытанні мы папрасілі загадчыка сектара раслінаводства ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіла Шлыковіча.
– Хоць кажуць, што куранят па восені лічаць, тым не менш, экватар уборкі мы ўжо прайшлі – можна рабіць пэўныя высновы. Калі параўноваць сёлетняе жніво з леташнім, калі спёка нават не дала коласу наліцца, то…
– Дзякаваць богу, будзем з хлебам: у параўнанні з мінулым годам сёлета збожжа дае на круг на 12 цэнтнераў больш. Хоць трэба канстатаваць, што па тэмпах уборкі мы ідзём з адставаннем ад 2019-га працэнтаў на 20. Пры аптымальных умовах за дзень у раёне ў сярэднім абмалочваецца каля 800 гектараў, ці 5% плошчаў.
Зазіраць наперад не хочацца. Рабіць прагнозы, асабліва ў раслінаводстве, няўдзячная справа – да канца жніва можа многае змяніцца. Думаю, намалоцім пад 66 тысяч тон збожжа ў бункернай вазе. Да параўнання: летась было 43 тысячы тон.
Да пачатку ўборкі мелі пэўныя праблемы з рамонтам тэхнікі, але пытанні вырашыліся – і камбайны своечасова выйшлі ў поле. Крыху напружаная сітуацыя з палівам назіраецца ў КСУП «Варняны» і «Міхалішкі»: дызель патрэбен для камбайнаў, для занятых на адвозцы збожжа аўтамабіляў і для некаторых збожжасушылак.
Збожжавы клін сёлета складае 17 134 гектары, з якіх амаль 9,5 тысячы – азімыя: 1 083 гектары жыта, 3 120 пшаніцы і 5 171 трыцікале. Пазней будзем убіраць грэчку – 210 гектараў, і кукурузу на зерне – 617.
– Якая са збожжавых культур сёлета найбольш урадзіла? І як з году ў год мяняецца пераразмеркаванне плошчаў – у залежнасці ад ураджайнасці ці эканамічнай мэтазгоднасці?
– Па ўраджайнасці збожжа, яно цяпер сыплецца за 40 цэнтнераў з гектара, мы займаем 11 пазіцыю з 17-ці ў вобласці. Лічыцца, што азімыя больш ураджайныя, хоць сёлета нядрэнна ўрадзілі і яравыя.
У гэтым годзе найлепш сыплецца азімае жыта – пад 52 цэнтнера з гектара. Яравы ячмень на круг дае крыху больш за 39 цэнтнераў, азімая і яравая пшаніцы – 42,4 і 30, азімы трыцікале – пад 38, авёс і зернебабовыя – каля 35.
Многае залежыць ад тэхналогіі вырошчвання: не толькі пасеяць у аптымальны час, але потым падкарміць пасевы і дагледзіць іх – гэта асноўнае правіла ў раслінаводстве. У гэтым накірунку хачу адзначыць КСУП «Гудагай», дзе сярэдняя ўраджайнасць збожжавых складае 50,6 цэнтнера з гектара пры сярэднераённых 40,3.
– Вялікія намалоты – грунтоўная нагрузка на зернесушыльныя комплексы. Ці па сілах наяўным сушылкам высокая ўраджайнасць?
– Напачатку масавай уборкі былі некаторыя праблемы ў зернесушыльнай гаспадарцы КСУП «Варняны». Пасля рамонту зернесушылкі стала хапаць аб’ёмаў для дапрацоўкі збожжа.
Лічу, што магутнасцей комплексаў хапае. Памятаю гады, калі валавы збор збожжа на Астравеччыне быў пад 90 тысяч тон – і нічога, спраўляліся. Тым больш што з кожным днём зерне скідвае вільготнасць на 2-3%. Пры спякотным надвор’і яго, лічы, не трэба дасушваць: дастаткова раз прагнаць, каб адбіць раслінны друз. Пасля дажджу, напрыклад, вільготнасць збожжа складае 21%, а калі суха і сонечна – каля 16%.
– Як выконваецца дзяржзаказ? Ці хопіць фуражу на патрэбы жывёлагадоўлі?
– Дзяржзаказ па раёне складае 6 810 тон: 3 800 пшаніцы, 850 жыта, 200 ячменю, 660 аўсу, 200 грэчкі і 1 100 піваваранага ячменю – яго мы выканалі на 66%. Па папярэдніх разліках фуражу павінна хапіць.
– Кажуць, камбайн з поля – плуг у баразну. З гэтым у нас як?
– Ва ўсіх гаспадарках раёна заворваюць глебу пад сяўбу рапсу. Праўда, аб’ёмы работ у разрэзе гаспадарак выглядаюць па-рознаму – ад 20 да 73% ад плана. Добрыя тэмпы дэманструюць КСУП «Гудагай», «Гервяты» і РУП «Астравецкі саўгас «Падольскі». Пад крыжакветкавы сёлета адвядзём 2 900 гектараў. Таксама плануем пасеяць 795 гектараў свірэпіцы на зялёны корм.
– Міхаіл Мечыслававіч, чым для вас асаблівае сёлетняе жніво?
– Для мяне гэтая ўборачная кампанія юбілейная – 30-я. Радуе, што сёлета павінны сабраць нядрэнны ўраджай. Галоўнае – убраць яго своечасова і без страт і падрыхтаваць глебу пад будучы ўраджай.
– Дзякуй за гутарку!
Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup
Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» - это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.