
Кукуруза – гэта скарбніца пажыўных рэчываў і адна з асноў кармавой базы. Лёгказасваяльныя вугляводы – незаменны кампанент рацыёну для буйной рагатай жывёлы, які забяспечвае неабходную энергію для росту і высокай малочнай прадуктыўнасці. Для птушкі – гэта гарантыя моцнага здароўя і хуткага набору вагі, а для свіней – аснова паўнавартаснага развіцця. Без кукурузы немагчыма ўявіць стабільную і прыбытковую жывёлагадоўлю, якая з’яўляецца адным з ключавых напрамкаў эканомікі нашага рэгіёна і краіны.
У гэтым годзе ў Гродзенскай вобласці пад кукурузу адведзена 182,6 тысячы гектараў. З іх 125,4 тысячы гектараў – на сілас і 57,2 тысячы гектараў – на зерне. Усяго кукурузы ўбрана ўжо 130,5 тысячы гектараў, або 71 працэнт ад плана. Атрымана больш за 3,3 мільёны тон зялёнай масы. Ураджайнасць складае 311 цэнтнераў з гектара.
Нарыхтавана 3,1 мільёна тон кукурузнага сіласу, што складае 94 працэнты ад патрэбнасці рэгіёна. Намалочана 213 тысяч тон кукурузнага зерня, ураджайнасць складае 95 цэнтнераў з гектара. Метадам плюшчэння нарыхтавана 55 тысяч тон збожжа, у выглядзе зернестрыжневай сумесі – 24 тысячы тон. Але большая частка ўраджаю адпраўляецца на сушку для атрымання сухога таварнага збожжа.
Як расказаў начальнік упраўлення раслінаводства камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Рудзінскі, сёлета плошча пад пасеў кукурузы ў параўнанні з мінулым годам павялічылася на 21 тысячу гектараў.
– Для кукурузы сёлета склаліся не самыя лепшыя кліматычныя ўмовы. Гэта цеплалюбівая культура і на яе рост і развіццё негатыўна паўплывалі вясновыя замаразкі, а таксама дэфіцыт цяпла ў перыяд вегетацыі. Таму да ўборкі мы падышлі пазней, чым летась. Сабраны ўраджай будзе нарыхтаваны, каб выкарыстоўваць яго на працягу ўсяго года. Напрыклад, кукурузны сілас спачатку здрабняецца з адначасовым унясеннем біялагічных і хімічных кансервантаў. Пасля ён выгружаецца і затрамбоўваецца на траншэі, якая закладваецца на працягу трох дзён, герметычна ўкрываецца плёнкай і спее, – расказаў Сяргей Рудзінскі.
Дарэчы, у Гродзенскай вобласці кукуруза вырошчваецца ў першую чаргу для забеспячэння кармамі ўласнай жывёлагадоўчай галіны. Але сабраны ўраджай збожжа і сіласу дае магчымасць пры неабходнасці рэалізоўваць гэту прадукцыю за межы рэгіёна.