Главная / Новости / Новости республики
13.08.2025

Им не страшен дождевой коллапс: зерновые жнут и рапс, или Как проходит уборка в КСУП «Гервяты»


У мінулыя гады вясной-летам земляробы хваляваліся за недахоп вільгаці ў глебе, у гэтым – за іх  лішкі. Тым не менш, нашы аграрыі налаўчыліся працаваць і ў такіх няпростых умовах. У КСУП «Гервяты»  адзін з самых вялікіх жніўных клінаў – крыху больш за 3 700 гектараў збожжавых і 1 000 рапсу. Больш таго, хлебаробы гэтай гаспадаркі  па тэмпах уборкі на мінулым тыдні дэманстравалі найбольшы спрыт. Карэспандэнт «АП» паназіраў за ходам жніва і пагутарыў са спецыялістамі.

У гэтым сезоне камбайнеры выкарыстоўваць без пера­больш­вання кожную хві­ліну, каб абмалаціць збажыну і рапс. У дзень, калі прыехала рабіць рэпартаж, намеснік дырэктара сумесна з галоўным аграномам зрабілі ракіроўку: з поля, на якое наляцеў нечаканы дождж, адправілі машыны на іншы ўчастак. У такі адказны час, як жніво, машыны не павінны прастойваць. 

На ўборцы тут задзейнічана 15 камбайнаў і 14 аўтамабіляў. «Гервятцам» абмалочваць нівы і перавозіць зерне дапамагаюць работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, белдзяржстраху, аўтапарка, прыватнікі… 

Напрыклад, Дзмітрыя Францу­кевіча ў КСУП «Гервяты» на час уборкі перавялі з ЖКГ. Аляксандр Маркун, у якога цяпер вытворчая практыка ад БДАТУ, не ўпершыню «кам­бай­нёрыць» у гэтай гаспадарцы: у адзін з сезонаў з братам Арцёмам Бабойцем яны сталі першымі маладымі «тысячнікамі» Астравеччыны. На ўборцы ўра­джаю шчыруюць і КСУПаўскія работнікі: Віктар і Станіслаў Мачэлі, Аляксандр Вештарт, Вадзім Лукойць і іншыя. 

Дзмітрый Францукевіч на ўборцы рапсу

Дзмітрый Францукевіч на ўборцы рапсу

Аляксандр Маркун спраўляецца без памочніка

Аляксандр Маркун спраўляецца без памочніка

Гаспадыня цэнтральнага зернесклада Алеся Ясевіч

Гаспадыня цэнтральнага зернесклада Алеся Ясевіч

За пажарнай бяспекай у полі пільна сочыць Арцём Еўлашоў з пажарна-аварыйнага выратавальнага атрада №2 Астравецкага РАНС

За пажарнай бяспекай у полі пільна сочыць Арцём Еўлашоў з пажарна-аварыйнага выратавальнага атрада №2 Астравецкага РАНС

 

У адзін голас хлебаробы сцвярджаюць, што патрэбна толькі добрае надвор’е, а за імі справа не пастаіць… Тым больш што ўжо адчуваецца дыханне азімай сяўбы.  

Пакуль машыны на ўсіх парах з поля імчалі да зернесушылак, нівы рыхтаваліся прыняць зярняты новага ўраджаю. Колкае сцірно пад націскам магутных плугоў вызваляла месца пад азімыя культуры. У КСУП «Гервяты» на пачатак мінулага тыдня было заарана звыш 600 гектараў пад рапс...

Пра справу ў асобах 

Галоўны аграном Рыгор Яромін

З месца ды ў кар’ер – інакш і не скажаш пра галоўнага тэхнолага «гервяцкіх» ніў. Хоць вопыту ў агранімічнай справе Рыгору не займаць (каля дзясятка гадоў працаваў брыгадзірам, галоўным аграномам у КСУП «Варняны»), тым не менш прыйсці ў такую вялікую гаспадарку на ўборку – смелае рашэнне. 

Пра хваляванні і спадзяванні, арганізацыю работы на жніве расказаў суразмоўца: 

– Раслінаводства – гэта маё. Некалькі гадоў працаваў на сябе, але ўсё адно цягнула да зямлі, раслін. Пасля непрацяглых разваг і роздумаў прыняў прапанову дырэктара КСУП «Гервяты» Ігара Жданава прыйсці сюды. Вядома, пакуль не знаю ўсіх палёў, іх спецыфіку і асаблівасці, людзей, тым не менш адчуваю ўнушальную падтрымку з боку намесніка дырэктара Аляксандра Кавалькі, насеннявода Антаніны Францаўны. На пасадзе галоўнага агранома з 28 ліпеня.  Ураджайнасць нядрэнная. Тым не менш цяпер складана рабіць прагноз на валавы намалот. Думаю, што карціна вымалюецца, калі абмалоцім не менш за палавіну палёў.

З-за дажджоў вельмі ссунуліся тэрміны жніва: на 5 жніўня, напрыклад убрана каля 30%, а ў мінулыя гады на такую дату было каля 70-80%. 

Паралельна з уборкай актыўна рыхтуем глебу пад сяўбу рапсу – з дня на дзень пачнём прыкрываць яго насенне ў глебу. Як і ў мінулыя гады, пад крыжакветкавы адвядзём найбольшыя сярод гаспадарак плошчы. 

Аграном па насенняводстве 

Антаніна Дзерван

Гэты спецыяліст без перабольшвання аксакал раённага раслі­на­водства. За плячамі жанчыны – шмат уборак. Ёй не трэба зазіраць у дакументы, каб расказаць пра збожжа і яго сарты, ураджайнасць… Нагадаю, што прызнанне заслуг Антаніны Францаўны ў аграпрамысловым комплексе раёна вылілася ў дзяржаўную ўзнагароду – ордэн Пашаны, якую спецыяліст летась атрымала на абласных «Дажынках» з рук Прэзідэнта. 

Як сёлета сыплюцца збожжавыя і рапс, якія культуры ўрадзілі найбольш – пра гэта і не толькі даведаліся з першых вуснаў. 

– Кажуць, што такога дажджлівага жніва не было. Маняць, – з усмешкай расказвае насеннявод. – Такі год быў ці то ў 2013-м, ці то ў 2014-м. Памятаю, што кожны дзень ліў дождж, але справіліся: усё ўбралі, звазілі, дасушылі, здалі дзяржаве і паклалі ў засекі на насенны фонд і на фураж. Вядома, у такіх умовах няпроста працаваць, але, мне здаецца, не варта развадзіць паніку. Кожны спраўна павінен рабіць сваю работу.

Сёлета пэўных хваляванняў падкінулі веснавыя прымаразкі, тым не менш ураджайнасць збожжавых большая, чым у мінулым годзе – хоць вельмі вагаецца ў залежнасці ад культуры. Напрыклад, азімая пшаніцца сыплецца за 65 цэнтнераў, трыцікале – за 63. На адным полі яравы ячмень сорту «аванс» даў на круг 77 цэнтнераў, хоць непрыглядны спачатку стаяў у полі. Пакуль з гектара цэнтнераў на 10-13 намалочваем больш, чым у мінулым годзе. 

Рапс, у адрозненні ад збожжавых, крыху горш выглядае – не яго год. Праўда, і півавараны ячмень падвёў па буйнасці, бялку і жыццяздольнасці – менавіта па гэтых 3-х паказчыках на прыёмных пуктах ацэньваюць гэтую культуру. 

Сушыць збожжа цяжка, вільготнасць вялікая – і яна вагаецца. Здараецца, што дасушваем і да 400 тон. Цяпер выконваем дзяржзаказ па пшаніцы, півавараным ячмені, на падыходзе іншыя культуры. 

Днём убіраюць ячмень і трыцікале, а вечарам пераходзяць на азімую пшаніцу. 

У гаспадарцы ўсцешаны, што, нарэшце, нашы хлопцы сталі першымі «тысячнікамі» ў раёне. Усе стараюцца як могуць, каб хутчэй абмалаціць збожжа і рапс, перавезці і дапрацаваць яго. Нашы людзі ведаюць сапраўдную цану хлеба. 

Текст: Алёна Ганулич