Главная / Новости / Новости района
14.05.2020

Чем занимаются во время пандемии посетители ТЦСОН


Што робяць ва ўмовах жыцця на самаадда­ленні наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту ТЦСАН? Жывуць!

Паведамленне ад спецыялістаў цэнтра Тамары Лукшы і Галіны Нядвецкай, што трэба па магчымасці заставацца дома, мы, наведвальнікі аддзялення, успрынялі ўсур’ёз і з разуменнем: гэта клопат пра людзей залатога ўзросту, пра здароўе ветэранаў працы.


Новы рэжым жыцця абмежаваў нашы стасункі. Цяпер мы не можам наведваць гурткі, адчуваць дабрыню і цеплыню сэрцаў адзін аднаго і спецыялістаў цэнтра, што працуюць з намі, дапамагаюць у розных сітуацыях. 

І хоць пандэмія прымусіла нас весці хатні лад жыцця, супрацоўнікі аддзялення не парываюць сувязь са сваімі падапечнымі. Мы часта размаўляем з імі па тэлефоне, стасуемся ў сацыяльных сетках, фатаграфуем і дасылаем фота работ у  Вайбер. 

Так, наведвальнікі гуртка «Асарці» прадэман­ст­равалі вырабы да  Вялікадня, а жанчыны з «Чароўнага клубка» наладзілі сапраўднае спа­бор­ніцтва па вязанні шкарпэтак. Не сядзяць склаўшы рукі майстрыхі іголкі, шыдэлка і прутка! 

Больш складана нашым танцорам і спевакам – але і яны знайшлі выйсце са становішча: спяваюць па тэлефоне, танцавальныя па адпрацоўваюць з табурэткай. А прыхільнікі здаровага ладу жыцця могуць займацца скандынаўскай хадзьбой у лесапарку ці іншым малалюдным месцы, захоўваючы патрэбныя меры перасцярогі: маска, пальчаткі, дыстанцыя, дэзсродкі.

Мы прытрымліваемся рэкамендацый не наведваць храмы – але яднаемся ў малітве па радыё і тэлебачанні. У магазіны стараемся хадзіць у той час, калі там мала пакупнікоў. 

Больш свабоды ў тых, хто жыве ў прыватным доме ці мае дачу. Мы абмяркоўваем паміж сабой, што пасеялі-пасадзілі, што як цвіце, дзелімся парадамі і надзеямі на ўраджай. 

І пераасэнсоўваем жыццёвыя каштоўнасці: бачым у звыклым, паўсядзённым, на што ў мітусні будняў перасталі звяртаць увагу, вялікую значнасць, бясцэннае багацце, падараванае нам прыродай і самім жыццём.

Ёсць яшчэ і хатнія клопаты: прыгатаваць абед, прыбраць хату, дагледзець жывёлу, дапамагчы зрабіць хатнія заданні ўнукам…

Вечарам падводзім вынікі дня і плануем заўтрашні, молімся, дзякуем Богу – і нізка кланяемся медыцынскім работнікам за самаадданую працу, успамінаем тых, хто здабыў для нас Вялікую Перамогу 75 гадоў таму. 

І паасобку наведваем наш другі дом – цэнтр сацыяль­нага абслугоўвання насельніцтва, каб падзяліцца ра­дас­цю ці клопатам, атрымаць маскі, пашытыя для нас спе­цыялістамі, сродкі дэзінфекцыі, падзякаваць, што і ў гэты няпросты час не пакідаюць нас сам-насам з пан­дэміяй.

Так трэба – і мы застаёмся дома, з вялікім спадзяваннем на хуткія сустрэчы!


Яна МАРКАВА