Астраўчанам, якія часта ходзяць па вуліцах роднага горада “на аўтамаце”, не звяртаючы ўвагі на знакі, ды і прыезджым таксама, будзе карысна ведаць: на вуліцы Ленінскай знік адзін пешаходны пераход.
Зразумела неабходнасць абвяшчэння гэтай навіны “на ўвесь свет”: усяго некалькі хвілін паназіраўшы за тым, як смела і ўпэўнена пешаходы па звычцы пераходзяць дарогу насупраць магазіна “Хіт”. Ды і сама, што душой крывіць, агледзела, што “зебра” свае жоўтыя палосы змяніла на чорныя – лічыце, знікла – толькі калі стала нагой на адну з іх. Вярнулася. Паглядзела ўважліва: так, пераходу сапраўды няма.
Кампетэнтна
Дзмітрый Сакалоўскі, начальнік аддзялення ДАІ:
– Дарожных знакаў “Пешаходны пераход”, якія абазначаюць зону пераходу пешаходамі праезджай часткі, у гэтым месцы не было даўно, не абнаўлялі і разметку. Гэта значыць, што перасякаць дарогу тут было нельга.
Для пешаходаў адсутнасць гэтай “зебры” на Ленінскай не стане нязручнасцю: побач зроблены пешаходны пераход павышанай бяспекі. А вадзіцелям транспарту будзе прасцей: у гадзіны-пік тры пераходы на адным скрыжаванні рабілі рух складаным і небяспечным.
Нагадваю пра неабходнасць выконваць правілы дарожнага руху не толькі пешаходам і аўтамабілістам, але і веласіпедыстам, і людзям, якія перасоўваюцца на сродках персанальнай мабільнасці.
Текст и фото: Ольга Хотянович